МІНЕРА́ЛЬНАЯ СЫРАВІ́НА,

здабытыя карысныя выкапні, падвергнутыя апрацоўцы, неабходнай для іх гасп. выкарыстання; таварная прадукцыя горназдабыўной прамысловасці. М.с. падзяляецца на рудную (руды ўсіх металаў), нярудную (гл. Нярудныя карысныя выкапні) i гаручую (гл. Каўстабіяліты). Для атрымання таварнай прадукцыі некат. віды здабытых карысных выкапняў (нафта, газ, баксіты, марганцавыя і хромавыя руды, мінер. буд. матэрыялы, прэсныя і мінер. падземныя воды і інш.) патрабуюць нязначнай апрацоўкі (абяссольванне, абязводжванне, ачыстка, сушка, фільтраванне, драбленне і інш.). Для інш. відаў карысных выкапняў з-за невысокай канцэнтрацыі карысных кампанентаў, фіз. і інш. асаблівасцей, каб атрымаць тэхналагічна каштоўныя таварныя прадукты, якія б задавальнялі патрабаванні прам-сці да сыравіны, неабходна глыбокая перапрацоўка (гл. Абагачэнне карысных выкапняў). На Беларусі здабываюць такую М.с., як каменная і калійныя солі, нафту, розныя мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, торф, сапрапель, прэсныя і мінер. падземныя воды.

П.З.Хоміч.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)